«Мой майстар і яго ўнізм». Сустрэча з Анджэем Струмілай.

29 сакавіка 2017 году ў галерэі “Акадэмія” адбылася сустрэча польскага мастака і даследчыка, Анджэя Струмілы, з студэнтамі і выкладчыкамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, прысвечаная жыццю і творчай спадчыне Уладзіслава Стшэмінскага.

Фота: Т. Кучынскі-Паравы

Фота: Т. Кучынскі-Паравы

Неаднойчы я думаў над узаемаадносінамі стыхійнай экспрэсіі часоў Барока і стрыманага маўчання мінімалізму. У маёй уласнай працы я паддаваўся спакусам гэтых супрацьлеглых падыходаў. Мяне спакушаў выбух, які запаўняе рамы карціны і насычае сваімі формамі ўсю фізічную і духоўную прастору вакол нас, ці ПУСТКА, каторая ўтрымлівае ўсё магчымае і немагчымае, што можа калі-небудзь выявіцца пры дапамозе дэміурга. Я побач са словамі ПУСТКА – дом БОГА.

Фота: К. Кенігсберг

Фота: К. Кенігсберг

Кожны Індывідуум – гэта будоўля, якая на генетычным фундаменце, у пэўнай культурнай нішы, ствараецца з падзеяў, перажыванняў, досведу ўласнага жыцця. Мяркую, што рамантычная і поўная харызмы істота Стшэмінскага волею лёсу з ранняй маладосці прызвычаілася да вайсковай дысцыпліны, прынцыпаў геаметрыі і матэматычнага ладу, цяжка фізічна пакалечаны падчас вайны (нядобразычліўцы казалі, што ён страціў не толькі нагу, руку, але і вока), абвеяны віхурамі рэвалюцыі і расейскага авангарду, іншы і чужы для палякаў з Кароны, ён павінен быў у поглядах на мастацтва вельмі адрознівацца ад сваіх сучаснікаў у акадэмічна-кансерватыўнай, нацыянальна-прыхадской, глыбока правінцыйнай Польшчы.

 

Фота: К. Кенігсберг

Фота: К. Кенігсберг

Ацэньваючы польскае мастацтва ў еўрапейскім кантэксце, мы мусім прызнацца ў тым, што адзіным, што можна лічыць нашым арыгінальным унёскам у дасягненні сусветнай авангардысцкай думкі ў галіне выяўленчага мастацтва ХХ стагоддзя, з’яўляецца ўнізм Стшэмінскага.

 Анджэй Струміла (с) 2017

Цытаты А. Струмілы публікуюцца на падставе тэксту, прадстаўленага Польскім Інстытутам у Мінску і з дазволу аўтара.

Біяграфічная даведка

Анджэй Струміла нарадзіўся 23 кастрычніка 1927 года ў Вільні. У 1950 г. ён скончыў факультэт жывапісу Акадэміі мастацтваў у Кракаве. Анджэй Струміла ўдзельнічаў у сотнях калектыўных і індывідуальных выстаў у розных гарадах свету, у тым ліку, у біенале ў Венецыі, Сан-Паўлу і Боне. Творы Анджэя Струмілы знаходзяцца у фондах Нацыянальнага музея ў Варшаве, Кракаве, Познані і Гданьску, у Мастацкім музеі ў Лодзі, Музеі Азіі і Ціхага акіяна ў Варшаве, музеях у Радаме і г. Зялёна-Гура, Акружным музеі ў Сувалках, у музеях Братыславы, Прагі, Бухарэста, Эрмітажа ў Санкт-Пецярбургу, Музеі імя А. Пушкіна ў Маскве, Мюнхене, Сувалках і Голдапі і інш. Анджэй Струміла атрымаў шэраг узнагарод і адзначэнняў, у прыватнасці, Камандорскі крыж Адраджэння Польшчы, Залаты Крыж Заслугі Рэспублікі Германія, Медаль Залатога кола Міністэрства культуры і мастацтва Рэспублікі Польшча. Анджэй Струміла выкладаў жывапіс у Акадэміі мастацтваў у Кракаве і Вышэйшай школе мастацтваў у Лодзі. Шмат часу і намаганняў ён прысвяціў абароне краявіду і культыры рэгіёна Мазур і ваколіц Сувалкаў. Жыве ў в. Мацькова-Руда.

2017 год у Падляшским ваяводстве, абвешчаны як год Анджэя Струмілы.